Пагроза канчатковага знішчэння, якая навісла над унікальнымі прыпяцкімі дубровамі, прымусіла грамадскіх актывістаў у 2014 годзе стварыць грамадскую ініцыятыву “ Выратуем Прыпяцкія дубровы” (з 2018 года яна перайменаваная ў "За будучыню Прыпяцкіх дуброў")

Лес трэба было тэрмінова ратаваць. Выкарыстоўваючы самыя розныя законныя сродкі, прыцягваючы ўвагу грамадства да праблемаў, шукаючы шляхі ўплыву на кіраўніцтва нацыянальнага парка, удзельнікі ініцыятывы крок за крокам адваёўвалі ў гаспадарнікаў права ўнікальнага лесу развівацца без гаспадарчага прэсінгу.

Актывістам ініцыятывы ўдалося спыніць суцэльныя высечкі поймавых дуброваў, узяць пад грамадскі кантроль правядзенне выбарачных высечак. Але дагэтуль жывая надзея на галоўнае. На тое, што прыпяцкія дубровы вернуцца ў запаведную зону, і чалавек з бензапілой і стрэльбай адтуль сыйдзе.

Не гіне ў грамадства і надзея на стварэнне сапраўднага нацыянальнага парка па-над Прыпяццю. Прыкладна такога, якім яго бачыў славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Каб турыстаў, якія едуць на Палессе, вадзілі не на паляванні, не ў няўцямную“сядзібу Дзеда Мароза” і “парк дыназаўраў", створаныя за вялікія грошы кіраўніцтвам нацпарка "Прыпяцкі", а ў сапраўды экалагічныя туры, калі чалавек знаходзіцца ў згодзе з прыродай і нібыта ўліваецца ў яе. Сёння такія туры вельмі папулярныя ў Еўропе і, як раз яны і мусяць прыносіць асноўныя прыбыткі такім установам, як нацыянальныя паркі.

👋Вітаем аднадумцаў👋